З 12 па 14 кастрычніка ў горадзе Гродна адбыўся Першы нацыянальны форум «Музеі Беларусі». У ім прынялі ўдзел больш за 150 музеяў і амаль 800
спецыялістаў з 17 краін свету. На форум у Гродна завіталі прадстаўнікі міністэрстваў
культуры і некаторых музеяў з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Аўстрыі,
Нідэрландаў, Германіі, Славакіі, Украіны і іншых краін. Акрамя таго, у гэтым
мерапрыемстве актыўна ўдзельнічалі фірмы, якія вырабляюць музейнае
абсталяванне, займаюцца турыстычным бізнесам.
Пачаўся
форум з урачыстага адкрыцця, дзе ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства вітаў
міністр культуры Рэспублікі Беларусь П.П.Латушка і губернатар Гродзенскай
вобласці С.Б.Шапіра.
Жыхары
і госці Гродна на працягу ўсіх трох дзён маглі пазнаёміцца з галоўнай
экспазіцыяй форуму. Для яго ўдзельнікаў была падрыхтавана дэманстрацыйная і
дзелавая праграма (у тым ліку – міжнародная секцыя). Жадаючыя мелі магчымасць
падчас экскурсіі пазнаёміцца з гісторыяй абласнога цэнтра, пабываць у музеях
горада, прыняць удзел у адкрыцці новых выставак, наведаць Абласны драматычны
тэатр.
Прыняў
удзел у Першым нацыянальным форуме "Музеі Беларусі” і Ашмянскі краязнаўчы музей
імя Ф.К.Багушэвіча. Не адзін месяц быў затрачаны на тое, каб дастойна
прадставіць свой музей. На пляцоўцы супрацоўнікамі быў паказаны самы папулярны
турыстычны аб’ект Ашмяншчыны – Гальшанскі замак. Гасцей нашай экспазіцыі разам
з вядучымі сустракаў вялікі князь літоўскі, кароль польскі Уладзіслаў Ягайла
(артыст народнага тэатра Аляксандр Спірыдонаў) з жонкай – Соф’яй Гальшанскай
(дырэктар Гальшанскага сельскага дома культуры Таццяна Завадская), якія не
толькі паведамі гісторыю Гальшанскага краю, але і далі наказ сваім нашчадкам
любіць і аберагаць родную зямлю.
|